Узорны аркестр народных інструментаў


Аркестр народных інструментаў ДМШМ №1 імя Л.П.Александроўскай г.Мінска вядзе сваю дзейнасць на працягу шмат дзесяцігоддзяў. У розныя часы кіраўнікамі аркестра былі Г.І.Жыхараў, В.С.Краснаярцаў, М.М.Тушынскі, Н.Г.Ручымская і іншыя. Асноўнымі задачамі стварэння аркестра з’яўляюцца навучанне дзяцей калектыўнаму музіцыраванню і ўдзел у канцэртнай дзейнасці школы.

У 2002-2010 гг. аркестрам кіруе таленавіты музыкант і педагог Генадзь Уладзіміравіч Несялоўскі. У гэты перыяд аркестр ставіць перад сабой новыя творчыя задачы і актывізуе канцэртную дзейнасць. За высокі творчы ўзровень неаднаразова ўзнагароджваецца званнем лаўрэата на гарадскіх фестывалях: «Поющие струны»; «імя Г.І.Жыхарава»; «Музычны калейдаскоп сталіцы». З вялікім поспехам прымае ўдзел у дзіцячых канцэртах у Белдзяржфілармоніі.

У 2008 годзе за актыўную творчую дзейнасць, папулярызацыю народнай музыкі аркестру народных інструментаў нададзена званне «Ўзорны самадзейны калектыў».

З 2010 года аркестр узначаліў малады таленавіты выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валерый Карлавіч Шымчак. З яго прыходам у аркестр былі ўведзеныя новыя інструменты, быў павялічаны склад аркестра, значна пашырыўся рэпертуарны спіс, удасканаліліся яго якасць і змястоўнасць. Калектыў значна ўздымае сваё выканаўчае майстэрства. За гэты перыяд адбыўся цэлы шэраг значных падзей у жыцці калектыва: у 2010 годзе аркестр паспяхова выступіў на справаздачным канцэрце школ мастацтваў г. Мінска на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра; у 2011 годзе – на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі; у 2012 годзе – выступ з сольнай праграмай у к/з «Верхні горад». У 2013 годзе за высокі прафесійны ўзровень, паказаны на фестывалі народнай творчасці «Сузор’е», аркестр узнагароджаны Гран Пры. У 2014 годзе сумесна з узорным хорам «Тоніка» была падрыхтавана і выканана праграма на сцэне Белдзяржфілармоніі ў канцэрце, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Беларусі. У 2015 г. калектыў прымае актыўны ўдзел у канцэртах школы, прысвечаных 70-годдзю Перамогі.

Рэпертуар аркестра складзены з народнай, класічнай, папулярнай музыкі, твораў беларускіх і замежных кампазітараў.

Аркестр актыўна працуе над новым рэпертуарам, рыхтуецца да новых конкурсаў, фестываляў і канцэртных выступаў.