Узорны дзіцячы ансамбль балалаек «Залатая горка»


Ансамбль балалаек «Залатая горка» створаны ў 1994 годзе на базе класа высокапрафесійнага музыканта і педагога Тушынскага Міхаіла Міхайлавіча. Кіраўнік калектыва ставіў шэраг творчых задач і мэтаў, якіх у далейшым паспяхова дамогся, а менавіта: ансамблевая ігра – як сродак выхавання і навучэння дзяцей, падрыхтоўка і ўдзел у канцэртах, фестывалях і конкурсах у складзе ансамбля – як сродак падвышэння выканальніцкага майстэрства і прафесійнай арыенацыі навучэнцаў. Ансамбль «Залатая горка» пад кіраўніцтвам М.М.Тушынскага выхаваў і падрыхтаваў цэлы шэраг таленавітых юных музыкаў. Сярод іх: стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Дзмітры Лонскі; лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча Аляксандр Барысёнак, Глеб Сіпнеўскі, Наталля Буханава; лаўрэат рэспубліканскага і міжнароднага конкурсаў, уладальнік заахвочвальнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Георгі Квакін; шматлікія ўдзельнікі і лаўрэаты разнастайных раённых і гарадскіх фестываляў і конкурсаў.

У 1998 годзе ансамблю «Залатая горка» за высокі прафесійны ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць нададзена званне «Ўзорны самадзейны калектыў».

На працягу сваёй дзейнасці ансамбль «Залатая горка» займае самыя актыўныя выканаўчыя і творчыя пазіцыі. З’яўляецца лаўрэатам Музычнага фестывалю народнай творчасці «Беларусь – мая песня» (1998 г.); лаўрэат 2 Міжнароднага форуму музычных культур народаў Беларусі (1998 г.);  лаўрэат Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці «Сузор’е» (2001, 2005, 2009, 2013 гг.); лаўрэат Мінскага гарадскога фестывалю «Пяючыя струны» (2008, 2010 гг.). «Залатая горка» ўдзельнік агульнагарадскіх і школьных канцэртаў для дзяцей і моладзі на сцэнах Белдзяржфілармоніі і канцэртай залы «Верхні горад» у 2005, 2006, 2007, 2008, 2011, 2013, 2014 гг. У 2014 г. ансамбль прымаў актыўны ўдзел у канцэртах школы, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі, у 2015 г. – у канцэртах школы, прысвечаных 70-годдзю Перамогі.

У рэпертуары ансамбля гучыць народная, класічная музыка, творы беларускіх і замежных кампазітараў. «Залатая горка» пастаянны ўдзельнік канцэртаў у рамках культурных мерапрыемстваў УК Мінгарвыканкама і адміністрацыі Савецкага раёна г.Мінска.

Ансамбль актыўна працуе над новым рэпертуарам, рыхтуецца да новых конкурсаў, фестываляў і канцэртных выступаў.