Тэарэтычнае аддзяленне


Тэарэтычнае аддзяленне

Тэарэтычнае аддзяленне – гэта стрыжань усёй школы, бо настаўнікі-тэарэтыкі займаюцца з вучнямі ўсіх спецыяльнасцяў вывучэннем музычнай літаратуры, сальфеджыа і тэорыі музыкі. На ўроках адбываецца знаёмства з найлепшымі ўзорамі сусветнай музычнай культуры, настаўнікі працуюць над развіццём музычнага слыху і мыслення вучняў, прывіваюць цікавасць да сапраўдных шэдэўраў музычнага мастацтва.

Аддзяленне было створана з моманту адкрыцця школы. На працягу многіх гадоў у школе працавалі цудоўныя педагогі-тэарэтыкі, якія зрабілі значны ўнёсак у працу аддзела.

У 50-60-я гады ў дзіцячай музычнай школе №1 працавалі І.М.Сак, Д.В.Камісарава. Музычную літаратуру вялі музыказнаўца, член Саюза кампазітараў БССР А.М.Ракава і вялікі беларускі кампазітар Я.П.Цікоцкі. У 70-90-я гады гэта Н.Тамашова, Л.І.Гугель, Н.Р.Шукава, Л.П.Глебка, З.Л.Дэўль, а крыху пазней да іх прыядналіся Н.У.Бурава, Г.М.Алейнікава.

З 80-х гадоў у школе з’яўляецца клас кампазіцыі, які вядуць беларускія кампазітары Л.Шлег, У.Дамарацкі, А.Залётнеў, Ш.Ісхакбаева. Аддзяленне практыкавала штогадовыя сустрэчы з беларускімі кампазітарамі Г.Вагнерам, Э.Тырманд, Ю.Семянякам, К.Цесаковым, В.Сярых, В.Войцікам.

Тэарэтычнае аддзяленне праводзіла і праводзіць вялікую метадычную працу. У 90-я гады для настаўнікаў горада на базе ДМШ №1 праходзілі майстар-класы вядучых настаўнікаў краіны: М.Мінянковай, Т.Баравік. Сёння на базе школы па-ранейшаму праводзяцца адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы для настаўнікаў школы, горада, краіны. Выкладчыкі-тэарэтыкі пастаянна чыталі лекцыі на курсах павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце праблем культуры (цяпер у Інстытуце культуры Беларусі).

У розныя гады загадчыкамі тэарэтычнага аддзялення былі:

А.А.Зарубіна адпрацавала ў школе 30 гадоў, была крыніцай творчых ідэй не толькі для настаўнікаў школы, але і ўсяго горада. Яна была ініцыятарам стварэння альбомаў паводле творчасці беларускіх кампазітараў, была прыхільніцай новых ідэй стварэння адзінай сістэмы навучання музыцы настаўнікамі розных спецыяльнасцяў. Менавіта яна прапагандавала алгарытмы, сістэму ручных знакаў у выкладанні сальфеджыа.

Л.В.Макеева – чалавек творчы. Кіравала гарадской секцыяй настаўнікаў тэарэтычных дысцыплінаў. Аўтар Праграмы па сальфеджыа для ДМШМ, складальнік хрэстаматый для спявання на ўроках сальфеджыа, зборнікаў для спеваў. На працягу шмат гадоў вядучы метадыст ДУА «Інстытут культуры Беларусі».

М.Ф.Чырвоная адпрацавала ў школе каля 18 гадоў. Аўтар мноства навучальных кніг па музычна-тэарэтычных дысцыплінах: «Вясёлае сальфеджыа», «Шпаргалкі па сальфеджыа» ды інш. Таксама ў 2006 годзе выйшла аўдыёкніга «У гасцях у інструментаў сімфанічнага аркестра» Маі Фёдараўны, дзе тэкст чытае сама аўтар. Героі гэтай кнігі – музычныя інструменты, кожны з якіх выступае ў ролі саліста, заваёўваючы незвычайным тэмбрам свайго голаса, і ў кожнага свой радавод, сваё паходжанне, свой лёс.

Ш.А.Ісхакбаева разам з В.В.Шлеянковым у 1990-я гады ўзначальвала працу дзіцячага музычнага салону. На базе школы выступалі многія творчыя калектывы і салісты не толькі г. Мінска, але і іншых гарадоў і рэспублік. Таксама была актыўным арганізатарам мноства канцэртаў і творчых вечароў з удзелам дзяцей, якія навучаліся кампазіцыі, арганізатарам Конкурса юных кампазітараў імя Сімяона Полацкага і Францыска Скарыны, які праходзіў на базе ДМШ.

У школе на працягу многіх гадоў сумесна з фартэпіянным аддзяленнем практыкуецца правядзенне канцэртаў-лекцый па беларускай музыцы «Мелодыі роднага краю» сіламі вучняў выпускных класаў пад кіраўніцтвам настаўніка Н.А.Лінкевіч.

У 2010 г. канцэрт вяла навучэнка 7 класа Гайдучонак Дар’я, якая пасля правядзення канцэрта абрала шлях музыканта і ў гэтым жа годзе паступіла на аддзяленне музыказнаўства ў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі.

Тэарэтычнае аддзяленне падрыхтавала шматлікіх будучых музыкантаў-прафесіяналаў розных спецыяльнасцяў, сярод якіх вялікая колькасць педагогаў-тэарэтыкаў, якія вядуць актыўную творчую і педагагічную дзейнасць у музычных школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах і музычных гуртах Беларусі ды іншых краінаў свету: дактары філасофскіх навук і мастацтвазнаўства, прафесары Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі А.Б.Ладыгіна і А.А.Друкт; кандыдаты мастацтвазнаўства Л.Ф.Касцюкавец, М.В.Старчэвус; кампазітары У.В.Дарохін, Э.Б.Зарыцкі, Л.Ф.Мурашка; вядомы ў Санкт-Пецярбургу тэатравед і музычны крытык Д.Рананскі і многія іншыя.

У цяперашні час на аддзяленні працуюць:

Афоніна Таццяна Леанідаўна – настаўнік вышэйшай катэгорыі, выпускніца ДМШ №1 і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, чалавек вельмі творчы. Выкладае ў школе ўжо больш за 40 гадоў. Большасць канцертаў у школе і па-за яе сценамі праходзяць з яе каментарамі  пра музыку, што гучыць у выкананні вучняў і настаўнікаў школы.

Будай Дар’я Ўладзіміраўна – малады спецыяліст і адначасова наша выпускніца 2005 г.

Курыліна Наталля Яўгенаўна – сёння яна не толькі настаўнік сальфеджыа і музычнай літаратуры, але і другі завуч ДМШМ №1.

Каснерык Алена Валер’еўна – настаўнік першай катэгорыі.

Каляда Марына Міхайлаўна скончыла кампазітарскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Вялікую ўвагу надае развіццю творчых здольнасцяў навучэнцаў. Узнагарожнаная дыпломам «За высокае педагагічнае майстэрства» на III Адкрытым гарадскім конкурсе сучаснай музыкі «Новыя гукі свету», арганізаваным Беларускім саюзам кампазітараў (г. Мінск, 2011 г.).

Лінкевіч Наталля Аляксандраўна – загадчыца тэарэтычнага аддзялення з 2000 года.

На базе школы вядзе сваю працу гарадская метадычная секцыя настаўнікаў музычна-тэарэтычных дысцыплін, кіраўнік – Лінкевіч Н.А. Настаўнікі школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі яе паседжанняў і штогадовых вучэбна-метадычных канферэнцый у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І.Глінкі:

2008 г.: Лінкевіч Н.А. – Параўнаўчы аналіз праграм па музычнай літаратуры.

2009 г.: Каснерык А.В. – Праблемы адукацыі ў гарадскіх музычных школах.

2010 г.: Макарская Д.В. – Арганізацыя ўрокаў сальфеджыа і музычнай літаратуры. Кабінет сальфеджыа і музычнай літаратуры ў навукова-метадычнай канферэнцыі выкладчыкаў музычна-тэарэтычных дысцыплін МДМВ і ДМШМ г. Мінска і Мінскай вобласці «Праблемы вучэбна-метадычнага забеспячэння ўрокаў па музычна-тэарэтычных дысцыплінах».

Пачынаючы з 80-х гадоў на базе ДМШ №1 неаднаразова праходзілі адборачныя туры на Рэспубліканскія алімпіяды. Вучні ДМШМ №1 з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіядаў рознага ўзроўню.

Настаўнікі тэарэтычнага аддзялення