Народнае аддзяленне (баян, акардэон)


Народнае аддзяленне (баян, акардэон)

Інструменты, якія належаць да групы народных і выкладаюцца ў ДМШМ №1 імя Л.П.Александроўскай:

 


 

Народнае аддзяленне (баян, акардэон) вядзе сваю дзейнасць шмат дзесяцігоддзяў. ДМШ №1 доўгі час была адзінай навучальнай установай, у якой мелася магчымасць атрымаць музычную адукацыю па класе баяна. Нягледзячы на цяжкасці пасляваенных гадоў, на аддзяленні натхнённа працавалі педагогі А.Болатаў, В.Дзерых, І.Гарэлік, А.Азарэвіч, а ў далейшым С.А.Бурш, С.Ф.Цуканаў, У.Ю.Ягудзін, Ю.С.Растаргуеў, В.Г.Шчэрба, С.Д.Бароўскі, А.В.Скіга, А.М.Яроцкі, В.М.Цярэнц’еў, М.Р.Солапаў, Г.У.Несялоўскі, Г.С.Дарохіна, В.П.Шубін і іншыя. Яны выгадавалі годную змену настаўнікаў і выканаўцаў. Выпускнікі аддзялення працуюць сёння як артыстамі, гэтак і выкладчыкамі ў музычных навучальных установах па ўсёй рэспубліцы.

Сярод настаўнікаў аддзялення заўсёды працавалі і працуюць былыя выпускнікі школы: Я.М.Аляксееў, Т.А.Паляшчук, С.В.Перапеча, А.А.Дзеравяга, К.У.Дварэцкая і В.У.Іванюк.

З 2008 года народнае аддзяленне ўзначальвае былая выпускніца школы В.У.Іванюк. У розныя гады загадчыкамі аддзялення былі У.Ю.Ягудзін, Я.М.Аляксееў, Т.А.Паляшчук, А.М.Яроцкі, С.В.Перапеча, Г.С.Дарохіна, якія зрабілі значны ўнёсак у станаўленне аддзела.

У перыяд з 1994 па 2002 год на народным аддзяленні існаваў канцэртны ансамбль баянаў-акардэонаў “Менестрэлі” пад кіраўніцтвам Г.С.Дарохінай, які за актыўную канцэртную дзейнасць атрымаў званне “Узорны”. У кастрычніку 1996 года гэты ансамбль быў уганараваны званнем Лаўрэата III прэміі на Міжнародным конкурсе ў г. Кастэльфідарда (Італія). За гады свайго творчага жыцця ансамбль актыўна гастраляваў, удзельнічаў у разнастайных конкурсах, фестывалях і канцэртах. Усе ўдзельнікі ансамблю прысвяцілі сваё жыццё музыцы і сталі прафесійнымі музыкантамі.

Аддзяленне рэгулярна папаўняецца маладымі кадрамі – студэнтамі і выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сярод іх лаўрэаты міжнародных конкурсаў Людміла Сямёнава і Наталля Шах.

Юныя баяністы і акардэаністы актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і канцэртах як у Беларусі, так і за яе межамі. Спіс лаўрэатаў гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў штогод папаўняецца новымі імёнамі. Так у 2003 годзе стыпендыяты Спецыяльнага фонда Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Любоў Будкевіч і Надзея Байда былі запрошаныя на фестываль лаўрэатаў у Вільню, дзе бліскуча выканалі канцэртную праграму.

У розныя гады ў школе вучыліся такія лаўрэаты як Настасся Шкіндзерава, Андрэй Шумак, Вольга Іванюк, Вольга НемцаваТаццяна Гацман, Любоў Будкевіч, Надзея Байда, Ганна Ільюшчыц і мноства іншых.

Вучні аддзялення паспяхова паступаюць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Многія выпускнікі працягваюць сваю адукацыю за мяжой. Напрыклад, Настасся Шкіндзерава вучылася ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце музыкі імя А.Шнітке, потым у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, а ў дадзены момант заканчвае сваё навучанне ў Гановеры (Германія). А Надзея Байда зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Варшаве (Польшча).

Педагагічны калектыў народнага аддзялення пастаянна займаецца ўдасканаленнем вучэбна-выхаваўчай і метадычнай практыкі, пошукам новых эфектыўных, цікавых формаў і шляхоў навучання. Усё гэта сведчыць аб тым, што на аддзяленні працуюць творчыя людзі і традыцыі аддзялення маюць належны працяг.

Настаўнікі народнага аддзялення