Пра нас


 

Зварот дырэктара ДМШМ №1

Шаноўныя госці сайта Дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай г.Мінска”!

 

Калектыў школы вітае Вас і дзякуе Вам за ўвагу, цікавасць і жаданне пазнаёміцца з намі. На старонках нашага сайта Вы знойдзеце інфармацыю пра дасягненні і гісторыю школы, пра навучальны працэс і творчыя калектывы, пра тое, калі і якім чынам можна паступіць у школу, і шмат іншага.

У 2016 годзе школе споўнілася 90 гадоў. На працягу ўсяго гэтага гістарычнага перыяду яна займала самыя актыўныя творчыя пазіцыі і ўдзельнічала ў адраджэнні і развіцці нацыянальнага музычнага мастацтва. Шмат зроблена дзеля станаўлення і ўдасканалення сістэмы эстэтычнага выхавання і навучання падрастаючага пакалення. Пуцёўку ў вялікае творчае жыццё атрымалі шматлікія яе выпускнікі. Адной з асноўных задач нашага сайта — аднаўленне жывой гісторыі школы і вядзенне яе храналогіі. У звязку з гэтым мы звяртаемся да нашых былых выпускнікоў і ўсіх, хто працаваў у школе ў розныя гады, з просьбай паўдзельнічаць ва ўдасканаленні і развіцці сайта. Мы будзем вельмі ўдзячныя Вам, калі Вы падзеліцеся з намі ўспамінамі пра выдатных настаўнікаў, пра памятныя падзеі, якія адбыліся ў сценах школы, фатаграфіямі, зробленымі ў перыяд Вашага знаходжання ў ёй. Усе матэрыялы ўвойдуць у наш неацэнны архіў, з якім зможа азнаёміцца кожны ахвочы. Матэрыялы можна даслаць на электронную скрыню: content@minsk1musschool.com

Мы заўсёды радыя нашым гасцям, нашым стасункам з Вамі і зычым усім творчых поспехаў, росквіту і дабрабыту!

 

З павагаю,
дырэктар Дзяржаўнай установы адукацыі
“Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай г.Мінска”
Перапеча Сяргей Васільевіч
Сяргей Васільевіч Перапеча.


Наша Школа

 

Дзверы нашай школы шырока расчыненыя не толькі падчас уступных экзаменаў, якія праходзяць штогод напрыканцы мая, але і на працягу ўсяго навучальнага працэсу. Школа заўсёды радая вітаць сваіх гасцей і пазнаёміць іх з тымі адметнымі рысамі, што адрозніваюць яе ад агульнаадукацыйных навучальных устаноў: тут заўсёды гучыць музыка, якая звяртаецца да самай душы чалавека, робіць яе добрай, паэтычнай і ўзнёслай. Галоўнымі артыстамі ў нас – зусім юныя мінчане, яны даюць вялікую колькасць разнастайных канцэртаў з 1 верасня па 31 мая.

Але найгалаўнейшай задачай школы ёсць навучанне і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення з дапамогай музычнага мастацтва. Самыя здольныя і таленавітыя вучні праходзяць тут першую ступень прафесійнага навучання музыцы.

У школе ідзе навучанне ігры на больш як 25 музычных інструментах. Кожны юны мінчанін ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў можа абраць сабе музычны інструмент, адпаведны сваім душэўным пачуццям, здольнасцям і густу. А той, хто паспяхова авалодвае сакрэтамі музычнага выканальніцтва, атрымлівае выдатныя магчымасці весці актыўную артыстычную дзейнасць як сольны выканаўца і як удзельнік школьных творчых калектываў, вядомых не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі.

Мы запрашаем Вас наведаць нашу школу ў якасці госця, гледача і слухача канцэртаў, а юным мінчанам з радасцю адкрыем незвычайны і займальны свет Музыкі!

Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай г. Мінска ― адна з найстарэйшых адукацыйных устаноў Рэспублікі Беларусь. Заснаваная ў 1926 годзе ДМШ №1 за гады свайго існавання зрабіла значны ўклад у развіццё культуры г. Мінска і рэспублікі, ажыццяўляючы вялікую эстэтычную і асветніцкую працу. У перыяд з 1926 па 1979 год школа насіла званне “Цэнтральная дзіцячая музычная школа г.Мінска”.

У 1980 годзе школе нададзена імя народнай артысткі БССР і СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай ― салісткі Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета і легендарнай выканальніцы беларускай народнай песні. Л.П.Александроўская доўгія гады апеквала ДМШ №1: не аднойчы спявала ў канцэртах з школьным хорам і ансамблем скрыпачоў.

Першым дырэктарам школы быў вядомы дзеяч культуры, яркі музыкант-віяланчэліст Барыс Якаўлевіч Фідлон (1926-1932 гг.). Яго непасрэдны ўдзел у станаўленні школы стаў тым моцным падмуркам, які вызначыў яе развіццё і фармаванне традыцый. У розныя гады дырэктарамі школы былі Ізраіль Рыгоравіч Герман (1932-1941 гг. і 1946-1971 гг.), Юрый Іванавіч Каратаеў (1971-1972 гг.), Ігар Мікалаевіч Дземчанка (1972-1978 гг.), Уладзімір Пятровіч Гуртатоўскі (1978-2003 гг.), якія вельмі шмат зрабілі для станаўлення і развіцця школы.

З 1 верасня 2003 года школу ўзначальвае былы яе выпускнік ― Сяргей Васільевіч Перапеча.

Сярод выхаванцаў школы шмат прафесійных музыкантаў, яны працуюць у разнастайных аркестрах, філармоніях, тэатрах, установах музычнай адукацыі Беларусі і за яе межамі.

Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх шмат заслужаных дзеячоў культуры і адукацыі: народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Барысавіч Зарыцкі, народная артыстка Беларусі Рыта Веньямінаўна Млодак, заслужаная артыстка БССР Таццяна Пятроўна Сцяпанава; заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Мікалаевіч Няхаенка; заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кампазітар Уладзімір Васільевіч Дарохін; заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Таццяна Юр’еўна Сергіеўская; доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валянцін Аляксеевіч Чабан; доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вера Паўлаўна Пракапцова; доктар філасофскіх навук, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Арыядна Барысаўна Ладыгіна; кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Ларыса Піліпаўна Касцюкавец, кандыдат мастацтвазнаўства Вераніка Віктараўна Беглік, кандыдат мастацтвазнаўства, кампазітар Аляксандр Анатольевіч Друкт; кампазітары Ларыса Мурашка, Ганна Казлова і іншыя.

Педагагічны калектыў школы падрыхтаваў кіраўнікоў дзіцячых школ мастацтваў г.Мінска: Антаніну Сямёнаўну Сцяпычкіну (ДМШМ №8), Станіслава Дзмітрыевіча Бароўскага (ДМШМ №15), Сяргея Васільевіча Перапечу (ДМШМ №18, ДМШМ №1).


Постаць Л.П.Александроўскай

 

ЛАРЫСА ПАМПЕЕЎНА АЛЕКСАНДРОЎСКАЯ стаяла ля вытокаў Беларускага тэатра оперы і балета. Нарадзілася ў сям’і, дзе вельмі любілі песню. Цудоўным голасам валодала маці Вольга Мікалаеўна, а бацька, Пампей Васілевіч, меў прыгожы бас і спяваў у царкоўным хоры. Летнімі вечарамі, як самую вялікую каштоўнасць, выносілі ў сад грамафон, прывезены Пампеем Васілевічам з Пецярбургу. Слухалі пласцінкі з запісамі Шаляпіна, Давыдава, Вяльцавай, Плявіцкай, скрыпача Яна Кубеліка, цыганскія рамансы ў выкананні непараўнальнай Вары Панінай. У доме заўсёды былі гітара, мандаліна, балалайка. Маленькая Лора асвоіла спачатку балалайку, а потым авалодала гітарай.

Спяваць пачынала ў царкоўным хоры, а пазней – у музычным тэатры, якому аддала перавагу. На пачатку 20-х гадоў працу ў тэатры сумяшчала са службай на пяхотных курсах. Атрымаўшы білет з адзнакай “прыгодны” была прызначана сакратаром ваенкома. Так і жыла – удзень праводзіла сходы ў вёсках, пераадольваючы па 20-30 кіламетраў вярхом на кані, а ўвечары спявала ў тэатры. У 1924 годзе паступіла ў Мінскі музычны тэхнікум, які скончыла ў 1928 годзе. Затым быў оперны клас у педагога А.Баначыча ў Беларускай студыі оперы і балета, дзе ў першы год вучобы бліскуча выступіла ў оперы “Фаўст” Ш.Гуно ў партыі Маргарыты на беларускай мове.

У 1933 годзе ў Мінску быў адкрыты Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета, дзе ўсе вядучыя партыі сталі яе – Кармэн, Ліза, Яраслаўна, Любаша, шолахаўская Аксіння, пушкінская Таццяна. Ларыса Александроўская вельмі хутка заваявала прызнанне і любоў гледачоў і слухачоў. Яе называлі “беларускім салаўём”, “беларускай Няжданавай”, “беларускай перапёлачкай”.

Гады вайны разам з трупай тэатра правяла ў эвакуацыі. Выступала з канцэртамі на франтах, у шпіталях і ў партызанскіх атрадах. У 1944 годзе тэатр вярнуўся ў Мінск, пачалася актыўная праца над операй “Алеся” Я.Цікоцкага, у якой галоўную партыю выконвала Александроўская. Усё жыццё праходзіла ў тэатры: рэпетыцыі, сустрэчы, прэм’еры…

Пачатак 1950-х гадоў азнаменаваўся важным паваротам у жыцці спявачкі: прадаўжаючы спяваць у спектаклях, яна захапілася рэжысёрскай дзейнасцю, а ў 1951 годзе была прызначана галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком тэатра, паставіла больш за 15 спектакляў. Працавала вельмі прадуктыўна, выпускала звычайна па дзве прэм’еры на сезон. Яе славутая “Аіда” – спектакль-даўгажыхар, на якім вырасла некалькі пакаленняў зорак беларускай опернай сцэны, – пастаўлены ў 1953 годзе з поспехам выконваўся да 2008 года.

У 1954 годзе, ва ўзросце 50-ці гадоў, не пабаялася паступіць на рэжысёрскі факультэт ДІТМа (рас. ГИТИСа).

Артыстка займалася таксама актыўнай канцэртнай дзейнасцю. Яе сольныя канцэрты праходзілі як у Савецкім Саюзе, так і за яго межамі.

Л.Александроўская вяла вялікую грамадскую дзейнасць, неаднаразова выбіралася ў вышэйшыя органы ўлады, была дэпутатам, многа дапамагала людзям. З 1946 года ўзначальвала Беларускае тэатральнае аб’яднанне і заставалася на гэтай пасадзе да канца свайго жыцця.

Л.Александроўская – першая прафесійная беларуская спявачка, легендарная выканаўца беларускай песні, сімвал беларускага мастацтва. Яна з’яўляецца адной з заснавальнікаў Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь у гонар спявачкі названая Камерная зала.