Вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Я.А. Глебава


29 кастрычніка 2019 года ў Вялікай зале Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П. Александроўскай адбылася знакавая падзея – прайшоў музычны вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара Яўгена Аляксандравіча Глебава.

Калектыў ДМШМ № 1 выражае вялікую падзяку жонцы Яўгена Аляксандравіча – Ларысе Васільеўне Глебавай, дзякуючы падтрымцы і дапамозе якой стала магчымая арганізацыя гэтага мерапрыемства. На вечары прысутнічала Старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Віктараўна Атрашкевіч, якая сказала цёплыя словы Ларысе Васільеўне Глебавай.

Праграма была разлічана як на дарослую, так і на дзіцячую аўдыторыю. Акрамя навучэнцаў нашай школы, іх бацькоў і выкладчыкаў былі запрошаны выхаванцы Сенненскай школы-інтэрнату для дзяцей-сірот і Быценскага дзіцячага дому. Пачатак вечара быў прысвечаны ўспамінам пра Яўгена Аляксандравіча-кампазітара, настаўніка, чалавека – ва ўступным слове музыказнаўцы Марыны Каляды, прагляду фільма пра Я.А. Глебава. Трапяткое выкананне Адажыо Прынца і Розы з балета «Маленькі прынц» Я.А. Глебава Марыяй Яковінай стала своеасаблівай аркай часу даўжынёй у 20 гадоў. Тады, у канцы 90-х, выкананне таго ж Адажыо Марыяй Палазковай (Яковінай), навучэнкай Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ, на канцэрце з музыкі Я.А. Глебава ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі вельмі кранула кампазітара.

Аснову вечара склаў мона-спектакль артыста Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксандра Ждановіча пры ўдзеле ансамбля «Музычная арка» (мастацкі кіраўнік Святлана Кудзіна) па рамане А. дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц» з музыкай Я.А. Глебава. Прадстаўленне было вельмі жывым, эмацыйным, з доляй імправізацыі і ўцягваннем гледачоў у гульню.

У лістападзе 2019 года ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета будзе выкананы балет Я.А. Глебава «Маленькі прынц». Запрашаем усіх жадаючых на прадстаўленне!