Прэзідэнт Кубы ў касцёле св. Сымона і св. Алены


22 кастрычніка 2019 года касцёл св. Сымона і св. Алены г. Мінска наведаў прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канэль.

Прэзідэнта разам з жонкай і афіцыйнай дэлегацыяй вітаў ля ўваходу ў касцёл арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Гасцей з Кубы ўрачыста сустракаў і настаяцель прыходу св. Сымона і св. Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, іншыя святары, якія працуюць у прыходзе, і хлопцы з дзяўчынамі ў шляхецкіх і беларускіх народных строях.

Пасля прывітання прэзідэнта правялі да месца пахавання Эдварда Вайніловіча, заснавальніка касцёла св. Сымона і св. Алены. Мітрапаліт Тадэвуш запрасіў прэзідэнта прайсці да галоўнага алтара касцёла. Мігель Дыяс-Канэль разам з жонкай пакінулі запіс у кнізе наведвальнікаў Чырвонага касцёла, а таксама паставілі запаленую свечку каля вялікае фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца ля алтара.

У гасцявой кнізе храма Мігель Дыяс-Канэль пакінуў запіс, пагутарыў з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і настаяцелем прыходу Ўладзіславам Завальнюком.

Павел Прымакоў, навучэнец Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай, суправаджаў візіт прэзідэнта Кубы выкананнем на аргане, які размешчаны ля галоўнага алтара.