Майстар-клас Анастасіі Сідзельнікавай


12 кастрычніка 2019 года ў рамках арганнага фэсту «Голас душы – 2019» у «Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І. Глінкі» адбыўся майстар-клас па аргане Анастасіі Сідзельнікавай, у якім прынялі ўдзел студэнты каледжа і навучэнцы арганнага класа Святланы Разько Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай – Андрэй Баркун і Павел Прымакоў.

Анастасія Сідзельнікава – салістка Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі, дыпламант Усерасійскага і Міжнародных конкурсаў. Выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, атрымала ў 1989 годзе дыплом з адзнакай аб заканчэнні фартэпіяннага аддзялення (клас прафесара Л.М. Навумава) і класу аргана (у прафесара Л.І. Ройзмана). У 1991 годзе скончыла ў кансерваторыі асістэнтуру-стажыроўку па класе аргана ў дацэнта Б.А. Раманава. Праходзіла стажыроўку ў Ханса Фагіўса (Данія-Швецыя), Харальда Фогеля (Германія), Ханса і Марціна Хазельбёкаў (Аўстрыя), Жана Гійу (Швейцарыя-Францыя), Йона Лаўквіка (Германія-Нарвегія), Пііта Кее (Нідэрланды) і іншых вядучых педагогаў-арганістаў Еўропы. У 1994 годзе на Сусветным фестывалі ў Калгары (Канада) А. Сідзельнікава была прызнана адной з сямі лепшых арганістаў маладога пакалення. Пачынаючы з 1988 года, яшчэ будучы студэнткай кансерваторыі, Анастасія актыўна выступае па гарадах Расіі, Украіны, Беларусі, Малдовы, Эстоніі, прымае ўдзел у міжнародных музычных фестывалях. Яна выступала ў найбуйнейшых залах Масквы (Вялікая і Малая залы кансерваторыі, Канцэртная зала імя П.І. Чайкоўскага, Міжнародны дом музыкі) і Санкт-Пецярбурга (Вялікая зала Санкт-Пецярбургскай філармоніі імя Д.Д. Шастаковіча і зала Акадэмічнай капэлы). Рэгулярна выступае ў храмах Масквы: каталіцкім, лютэранскім, англіканскім. Творчасць арганісткі неаднаразова была прадстаўлена за мяжой: у ЗША, Канадзе, Германіі, Італіі, Галандыі, Чэхіі, Славакіі і Японіі. У 1991 годзе А. Сідзельнікава стала салісткай Маскоўскай філармоніі. Шмат і плённа яна працуе над пашырэннем свайго рэпертуару, выконваючы творы кампазітараў розных стыляў і эпох ад барока да нашых дзён. Арганістка мае запісы на кампакт-дысках з музыкай І.С. Баха, Н. Брунса, кампазітараў-рамантыкаў і свайго бацькі, вядомага кампазітара і педагога М.М. Сідзельнікава. Займаецца педагагічнай дзейнасцю, праводзіць майстар-класы, мае публікацыі асветніцкага і педагагічнага напрамку.