Канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму Дню музыкі


Э. Элгар: «Музыка лунае ў паветры. Яна акружае нас. Свет напоўнены музыкай. А вы проста бераце столькі, колькі вам спатрэбіцца».

1 кастрычніка ў вялікай зале ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай адбыўся канцэрт, прысвечаны святкаванню Міжнароднага Дня музыкі. У ім узялі ўдзел вучні і настаўнікі школы. Сярод выканаўцаў – прадстаўнікі ўсіх аддзяленняў школы, многія з якіх з’яўляюцца лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а некаторыя – стыпендыятамі Спецыяльнага фонду прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі!

Адкрыў святочны вечар выступ выкладчыкаў ДМШМ № 1, якія з’яўляюцца таленавітымі выканаўцамі і традыцыйна прымаюць удзел у канцэртах школы. Так, уверцюра, канцэрт і парафраз на тэмы знакамітых вальсаў прагучалі ў выкананні Мікалая Марэцкага і Дзмітрыя Цітова (канцэртмайстар Наталля Кірпічова), Наталлі Шах.

У канцэрце прагучала шмат твораў класічнай музыкі – В.А. Моцарта (Аляксей Смірноў, настаўнік Уладзімір Карканіца, канцэртмайстар Ганна Лузанава), Ф. Шапэна (Настасся Шымчак, настаўнік Алена Логінава), Н. Гадэ (Фёдар Мацеральнік, настаўнік Генадзь Забара, канцэртмайстар Ірына Пшанічная).

Духоўныя каштоўнасці народнай музыкі, яе багацце, прыгажосць былі прадстаўлены ў канцэрце апрацоўкамі песень (Цімафей Чарэднічэнка, настаўнік Юрый Жайловіч, канцэртмайстар Ганна Лузанава).

Музыка то пераносіла ў далёкія краіны (Ганна Томіна, настаўнік Алена Дземідзенка; Мурад Галадушка, настаўнік Антон Ягораў, канцэртмайстар Вольга Пермякова), то вяртала да родных вытокаў (Сафія Уцюпіна, настаўнік Ірына Мышкоўская).

У канцэрце прагучалі незвычайныя ансамблі і экстравагантныя п’есы. Так, «Полька ўтрох» (Анатоль Лыскавец, Віктар Лыскавец, Яўген Гальцоў) атрымала сваю назву з прычыны незвычайнай расстаноўкі выканаўцаў за інструментамі.

Лацінаамерыканскую «Румбу-шурумбу» ярка і эфектна выканаў ансамбль «Акцэнт» (кіраўнік Вольга Калядка, канцэртмайстар Таццяна Камай).

«Кабарэ» Лайзы Мінэлі прагучала ў незвычайным перакладанні для ансамбля медных духавых інструментаў (кіраўнік Глеб Турко). Эстрадна-інструментальны ансамбль «Акорд» (кіраўнік Марыя Матох), нестандартны па сваім складзе (ён аб’яднаў у сабе гітару, саксафон, ударныя інструменты і раяль), выканаў запальную джазавую кампазіцыю Персі Мемфілда.

«Мэта музыкі – чапляць сэрцы». Гэтыя словы І.С. Баха вельмі дакладна перадаюць эмацыянальны стан слухачоў пасля выступу Паўла Прымакова (настаўнік Святлана Разько), пад пальцамі якога велічна і магутна прагучаў арган.

Нашы выкладчыкі паказалі сябе і ў кампазітарскім амплуа. На канцэрце прагучала прэм’ера п’есы выкладчыка і кампазітара Віктара Лыскаўца «Мелодыя зорнага неба» (вык. Валянціна Гарбацікава, канцэртмайстар Таццяна Герасіменка).

У канцы святочнага вечара да вялікага задавальнення гледачоў Узорны ансамбль ударных інструментаў «Рым-шот» (кіраўнік Аляксандра Ганькова, канцэртмайстар Эльдар Шырынаў) выканаў п’есу «Танец феі Дражэ» П. Чайкоўскага і музыку Х. Цымера з кінафільма «Піраты Карыбскага мора».

«Музыка – вышэйшае ў свеце мастацтва», – гэтымі словамі пісьменніка-класіка Льва Талстога завяршыла канцэртную праграму вядучая Таццяна Афоніна.