Канцэрт арганнай музыкі ў Архікафедральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі


1 верасня 2019 года ў Архікафедральным саборы Найсвяцейшай Панны Марыі з канцэртам арганнай музыкі выступіў вучань 5 класа Павел Прымакоў (настаўнік Святлана Аляксандраўна Разько).

Павел Прымакоў за арганам Архікафедральнага сабора

Арган Архікафедральнага касцёла незвычайнай прыгажосці і гучання лічыцца лепшым на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Гэта паўночна-нямецкі барочны тып інструмента, што адпавядае ўнутранаму і вонкаваму строю храма і дапаўняе яго. Інструмент, пабудаваны фірмай «Pflueger» (Аўстрыя) у 2005 годзе, з’яўляецца падарункам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Аўстрыі Яго Правялебнасці ксяндзу Казіміру Кардыналу Свёнтаку для Архікафедральнага касцёла. У 2002 годзе дырэктар фірмы Марцін Пфлюгер правёў акустычнае даследаванне храма, было вызначана месца ўстаноўкі арганаў. Аўтар праекта канструкцыі аргана – Уладзімір Неўдах, спецыяльна распрацаваў форму пабудовы інструмента, з улікам эканоміі месца на хорах для размяшчэння хору і аркестра. Ксёндз-прафесар Ёган Труммэр, з аўстрыйскага горада Грац, кіраваў стварэннем дыспазіцыі аргана і арганізаваў ўвесь праект па фінансаванні і будаўніцтву інструмента.

У аргане тры мануала і педальная клавіятура, 33 асноўных рэгістра, таксама «Zimbelstern» – зорачка са званочкамі ў цэнтры праспекта аргана, для выкарыстання падчас святаў Божага Нараджэння і «Gloeckenspiеl» – настроеныя званочкі для выкарыстання ў Велікодны перыяд. Інструмент валодае механічнай ігравой і рэгістравай трактурай. У канцэртах, якія праходзілі ў гэтым храме, удзельнічалі беларускія музыкі і майстры з замежжа: Уладзімір Неўдах, Ксенія Пагарэлая, Антаніна Калечыц (Беларусь); Ёган Труммэр (Аўстрыя); Гюнтэр Брандт, Іаахім Айхгорн (Германія); Даля Ятаўтайтэ (Літва); Магдалена Чайка (Польшча).

https://www.youtube.com/watch?v=mL-rreNCIc8&t=13s