Дзень адчыненых дзвярэй у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета


25 траўня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, які быў прымеркаваны да святкавання 85-годдзя тэатра.

З 12.00 пачаліся экскурсіі па фае і глядзельнай зале тэатра, а ўвечары адбылася пастаноўка оперы Жоржа Бізэ “Кармэн”, бо менавіта гэтым спектаклем з Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі быў адкрыты Дзяржаўны тэатр оперы і балета ў Мінску 25 мая 1933 года.

У гэты ўрачысты дзень настаўнікі ДМШМ № 1 (Т.Л.Афоніна, Н.А.Лінкевіч, А.В.Каснерык, Д.У.Будай, Т.М.Шамякіна, В.Я.Гарбацікава) разам з вучнямі і іх бацькамі наведалі экскурсію па адным з найстарэйшых і найбуйнейшых тэатраў горада. Дзеці і дарослыя даведаліся шмат цікавага, напрыклад, пра форму і памеры тэатральнага будынка, якія тэхнічныя магчымасці мае сцэна-трансформер, колькі лямпачак у галоўнай жырандолі, хто такія акцёры міманса і г. д. Супрацоўнікі тэатра расказалі яго гісторыю, а майстры бутафорыі і грымёры прадэманстравалі сваё майстэртсва. У тэатральных зонах оперы “Сельскі гонар”, “Багема” и балетаў “Шчаўкунок”, “Доктар Айбаліт”, “Маленькі прынц”, “Церам-церамок”, “Орр и Ора” дзеці маглі прымерыць касцюмы са спектакляў, дакрануцца да элементаў дэкарацый, а таксама зрабіць на памяць яркія фота з тэатральным рэквізітам. Акрамя таго для маленькіх гледачоў была арганізавана выстава “Вялікі тэатр – дзецям”, дзе можна было пабачыць архіўныя афішы дзіцячых спектакляў і цацкі-пераможцы штогадовага конкурса “Тэатральная цацка”.

На працягу ўсяго Дня адчыненых дзвярэй гледачоў чакалі яскравыя канцэртныя праграмы ў Камернай зале, а таксама на двух “сцэнах” у фае.

У Камернай зале імя Л.П. Александроўскай адбыліся творчыя сустрэчы: з галоўным рэжысёрам Міхаілам Панджавідзэ, галоўным дырыжорам Віктарам Пласкінам, мастацкім кіраўніком балета Юрыем Траянам, балетмайстрам-пастаноўшчыкам Аляксандрай Ціхаміравай.

Адчыненымі дзверы тэатра заставаліся да 16.00, але развітвацца з тэатрам гледачы, зразумела, не жадалі. Хочацца спадзявацца, што нашы вучні разам з іх бацькамі будуць імкнуцца наведаць яго ў бліжэйшы час і стаць на ўсё жыццё трывалымі прыхільнікамі вялікіх тэатральных відовішчаў!