Адбыўся справаздачны канцэрт дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска «У кожнай ноце – сонца!»


22 траўня 2018 года ў Белдзяржфілармоніі адбыўся справаздачны канцэрт дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска «У кожнай ноце – сонца!»

Па традыцыі ўрачыстую частку вечара адкрыла рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар К.М. Дулава. Як старшыня савета Спецыяльнага фонда пры Прэзідэнце РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, у сваёй уступнай прамове яна акцэнтавала ўвагу на такім станоўчым факце, як існаванне ў нашай краіне магчымасці падтрымаць юныя дараванні, што толькі пачынаюць свой шлях у высокае мастацтва і падкрэсліла, што кожны год з вялікім задавальненнем прысутнічае на справаздачных канцэртах, атрымліваючы асалоду ад выступленняў нашай таленавітай моладзі. 11 пасведчанняў стыпендыятаў фонду прынялі з яе рук навучэнцы розных школ – музыканты і мастакі.

Вечар працягнуўся канцэртам, у якім прынялі ўдзел вучні дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў. Таму акрамя выступленняў музыкантаў былі прадстаўлены некалькі яскравых харэаграфічных нумароў. Вельмі прафесійна і па-даросламу прагучалі ўсе творы, што выконваліся выхаванцамі музычных школ. Шмат спецэфектаў пачулі слухачы на гэты раз (і пастукванні па раялю, прытупы і свіст, і перастаноўкі між інструментамі, выкрыкі і таму падобнае). Вельмі цікава прагучалі ансамблевыя нумары (струнна-смычковыя, баянна-акардэонны і змешаныя), духавы аркестр, што завяршыў канцэрт на прыўзнятай ноце.

Вакальны жанр быў прадстаўлены салістамі эстрадных аддзелаў і харавымі калектывамі, сярод якіх трэба вылучыць выступленне Узорнага хору “Тоніка” (мастацкі кіраўнік і дырыжор А.І. Снітко, канцэртмайстар Я.І. Гальцоў) з аднайменнай песняй аўтарства Алены Атрашкевіч. І, як заўсёды, пераканацца ў трываласці асноў харавога мастацтва – культуры гуку, эмацыйнай выразнасці, сталасці вобразаў, дасканалай дыкцыі і г.д., што трансліруюцца нашай школай.

Застаецца павіншаваць усіх удзельнікаў гэтага канцэрта з плённым выступам і пажадаць, каб такія музычныя сустрэчы напрыканцы навучальнага года радавалі нас і надалей.