Адбыўся канцэрт беларускай музыкі «Я люблю цябе, Беларусь!»


4 траўня 2018 года ў музычнай школе адбыўся справаздачны канцэрт настаўніка па класе цымбалаў Віктара Міхайлавіча Лыскаўца пад назвай «Я люблю цябе, Беларусь!». Гэта быў не проста канцэрт, а творчы вечар-сустрэча з вядомымі беларускімі музыкантамі, кампазітарамі і паэтамі. На сустрэчу былі запрошаныя:

  • Сяргей Янковіч — беларускі кампазітар і выкладчык, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва;
  • Ларыса Рыдлеўская — Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, артыстка дзяржаўнага нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча, выкладчык па класе цымбалаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў;
  • Ірына Кавальчук — выкладчык па класе аркестравага дырыжавання і цымбалаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі, член асацыяцыі беларускіх цымбалістаў;
  • Вольга Шпакевіч — беларуская паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларускі, лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу «Сям’я, яднанне, айчына».

Праграма канцэрта складалася з твораў беларускіх кампазітараў розных стыляў і эпох: М.Радзівіла, М.К.Агінскага, У.Дарохіна, Я.Цікоцкага, А.Багатырова, І.Жыновіча, С.Янковіча, А.Безенсон, Г.Гарэлавай, У.Кур’яна ды інш.

Віктар Лыскавец прадставіў і свае творы, пачынаючы з простых мелодый, апрацовак беларускіх народных песень, чароўных рознахарактарных п’ес для дзяцей і завяршаючы манументальнай музычна-літаратурнай паэмай «Песню душы роднаму краю прысвячаю» на словы Вольгі Шпакевіч для сапрана, чытача вершаў, дзіцячага харавога ансамбля, дзвюх скрыпак, ансамбля цымбалістаў, партыі ўдарных інструментаў, фартэпіяна і аргана!

У справаздачным канцэрце прынялі ўдзел навучэнцы класа Віктара Міхайлавіча, а таксама навучэнцы іншых аддзелаў выкладчыкаў Аўчыннікавай В.А. і Гальцова Я.І. (фартэпіяна), Гарбацікавай В.Я. (віяланчэль), Ільюшчанкавай Н.А. (кларнет), Цітова Д.І. (домра), Шамякінай Т.М. (вакал і хор).

Акрамя таго, у канцэрце выступілі настаўнікі школы, ансамблі і навучэнцы іншых устаноў адукацыі:

  • лаўрэат міжнароднага конкурсу «Беларускія таленты» ансамбль цымбалістаў «Anima» (МДМК імя М.І.Глінкі);
  • салістка камернага хора «Salutaris» Марыя Каленік;
  • вучаніца В.М.Лыскаўца, а цяпер студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і артыстка ансамбля народнай музыкі «Ведрыца» Вікторыя Жданава;
  • навучэнка па класе цымбалаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі Маргарыта Гарбузава.

Ажыццявіць гэты непаўторны праект дапамог цэлы шэраг высокапрафесійных музыкантаў з розных навучальных устаноў сталіцы. Сярод іх піяністы-канцэртмайстры — гэта Вольга Пермякова, Таццяна Філіповіч, Дар’я Склема, Ксана Садоўская, Алена Хаміцкая і Яўген Гальцоў; партыі скрыпкі выконвалі настаўніцы школы Яніна Вялічка і Валянціна Семянкова; партыю ўдарных інструментаў — Юрый Гушчын. Сваімі вершамі канцэрт упрыгожыла паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Шпакевіч. Вядоўцай канцэрта — музыказнаўца Белдзяржфілармоніі Ала Агаркава.

Віктар Лыскавец – яркая, адораная асоба, прафесійны музыкант, педагог і самабытны кампазітар з тонкім светаадчуваннем і разуменнем роднага беларускага слова.

Адчуваю, якое шчасце:
Мовай роднаю гавару,
Вымаўляю, як слова «мацi»
Слова светлае – «Беларусь»!
В.Шпакевіч

Зычым Віктару Міхайлавічу невычэрпнага натхнення, яркіх творчых перамог, таленавітых вучняў і новых музычных шэдэўраў!