Адбыўся справаздачны канцэрт духавой і народнай музыкі ў «Верхнім горадзе»


Справаздачны канцэрт духавога, народнага і струнна-народнага аддзелаў ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай адбыўся 3 траўня 2018 года ў канцэртнай зале «Верхні горад». Штогод настаўнікі аддзелаў і іх вучні знаходзяць чым здзівіць слухачоў, паказваюць дасканалую ігру, атрымоўваюць заслужаную пашану і апладысменты. І гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік штогадовага навучальнага працэсу – нястомнай працы, вялікіх намаганняў і жадання праявіць сябе на сцэне, у канцэртнай, а таксама конкурснай абстаноўцы. Увогуле ўсіх чакалі дзве гадзіны цудоўных уражанняў і прыўзнятых эмоцый.

Сярод выканаўцаў – лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, імёны якіх сталі ўжо знаёмы многім. Разнастайныя творы на сваіх улюбёных інструментах, сярод якіх фагот, кларнэт, саксафон, барытон, трамбон, акардэон, гітара, балалайка, манадаліна, цымбалы, прадэманстравалі яны са сцэны канцэртнай залы. У праграме – музыка ад класікі да сучаснасці, ад апрацовак народных мелодый да вытанчаных твораў з арыгінальнымі выканальніцкімі прыёмамі і штрыхамі.

Сапраўдным яскравым феерверкам сталі выступленні розных калектываў, такіх як ансамблі народных музычных інстументаў “Акцэнт” (мастацкі кіраўнік В. Калядка), “Медуніца” (мастацкі кіраўнік В. Скобеюс), “Акорд” (мастацкі кіраўнік М. Матах), ансамбль гітарыстаў (настаўнікі В. Громаў, Я. Макарыч), ансамбль настаўнікаў школы “Чыстая кварта” у складзе Н. Шах, Л. Сямёнавай, В. Арцімовіч, В. Шымчака. А своеасаблівай музычнай аркай стала выступленне аркестраў школы: напачатку канцэрта – Узорнага духавога аркестра “Ліра” (мастацкі кіраўнік і дырыжор Л. Каліноўскі), а напрыканцы – Узорнага аркестра народных інструментаў (мастацкі караўнік і дырыжор В. Шымчак).

Слухачы (а гэта, пераважна, вучні, іх бацькі, настаўнікі, а таксама самі выступоўцы і проста зацікаўленыя людзі) шчырымі апладысментамі віталі кожны музычны нумар і доўга не хацелі адпускаць артыстаў са сцэны.

Вяла канцэрт Таццяна Афоніна – па-майстэрску і, як заўжды, ёміста і дасціпна прадстаўляла кожнае выступленне.