Вітаем новага дырэктара!


27 жніўня 2019 года адбыўся сход супрацоўнікаў школы. Сход быў запланаваны ўпраўленнем культуры Мінгарвыканкама ў сувязі з завяршэннем паўнамоцтваў Сяргея Васільевіча Перапечы на пасадзе дырэктара ДУА “Дзіцячая музычная школа мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай г.Мінска” і прызначэннем новага дырэктара школы – Аляксея Іванавіча Снітко. На сустрэчы ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта прысутнічала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама – Віталіна Уладзіміраўна Рудзікава.

Ва ўрачыстай атмасферы абноўленай летась Вялікай залы Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 Віталіна Уладзіміраўна прывітала працоўны калектыў, адзначыла арганізатарскі талент Сяргея Васільевіча і яго невымерны ўнёсак ў развіццё школы: стабільна высокі прафесіяналізм яе настаўнікаў і вучняў, іх заваёвы на прэстыжных конкурсах, паступленні навучэнцаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, паляпшэнне матэрыяльнай базы школы, але найбольш важна – стварэнне і захаванне непаўторнага мікраклімату ў калектыве. Віталіна Уладзіміраўна ўручыла Сяргею Васільевічу Пачэсную грамату Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў – найвышэйшую ўзнагароду органа мясцовага самакіравання.

Сяргей Васільевіч Перапеча выказаў цёплыя словы падзякі працоўнаму калектыву за 16 год плённай, зладжанай працы, а таксама кіраўніцтву горада Мінска за актыўную падтрымку дзейнасці школы ў культурніцка-асветніцкай сферы.

Віталіна Уладзіміраўна прадставіла новага дырэктара школы – Аляксея Іванавіча Снітко і каротка азнаёміла калектыў з яго біяграфічнымі звесткамі. Калектыў годна і паважліва прывітаў новага дырэктара. Усе прамовы суправаджаліся доўгімі і гучнымі апладысментамі аўдыторыі.

Калектыў выказвае глыбокую ўдзячнасць Сяргею Васільевічу за светлыя гады сумеснай творчасці ў сценах Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 і з усёй шчырасцю зычыць Аляксею Іванавічу, каб яго праца на пасадзе дырэктара сталася плённай і выніковай і здолела дапамагчы захаваць усё добрае і памножыць найлепшае з дасягнутага за шматгадовую гісторыю школы!

У добры шлях!