Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Маці міласэрнасці» («Mater misericordiae») у Пінску


25 траўня ў Пінску пачаўся Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Маці міласэрнасці» («Mater misericordiae»). Фестываль прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтака. Ініцыятарам правядзення гэтага мерапрыемства выступіла Пінская дыяцэзія Каталіцкага Касцёла ў Беларусі сумесна з Пінскім гарвыканкамам.

Фестываль будзе працягвацца на працягу двух месяцаў. У ім бяруць удзел больш за 30 выканаўцаў і творчых калектываў з Мінска, Пінска, Гродна, Полацка, Масквы і Санкт-Пецярбурга (Расія), Луцка (Украіна), Кракава і Беластока (Польшча). Сярод іх навучэнцы і выкладчыкі музычных навучальных устаноў, маладыя выканаўцы і вядомыя арганісты. Адкрыў фестываль Канстанцін Валасноў (г. Масква, Расія) – адзін з самых запатрабаваных арганістаў Расіі, выпускнік Маскоўскай кансерваторыі, лаўрэат першых прэмій прэстыжных міжнародных конкурсаў.

Арганныя канцэрты праходзяць у катэдральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі на найстарэйшым у Беларусі аргане. Упершыню арган Пінскага францысканскага касцёла згадваецца ў 1648 годзе. У 1836 годзе ў касцёле быў пабудаваны вялікі барочны арган, корпус якога захаваўся да нашых дзён. Сярод усёй барочнай арганнай спадчыны Беларусі гэта захаваныя фрагменты другога па памеры аргана (пасля Будслаўскага). Над папярэдняй кафедрай намаляваны вялікі рознакаляровы герб «Згода» і размешчаны надпіс «G. Ł. Adalbertus Grodzicki 1836». Падчас Першай сусветнай вайны металічныя трубы аргана былі канфіскаваныя немцамі. Да 1925 г. адносіцца згадка, што арганам немагчыма карыстацца. У 1936 году фабрыка Вацлава Бярнацкага будуе новы інструмент у старой барочнай шафе. Ад папярэдняга аргана была выкарыстаная частка драўляных і металічных труб, якія складаюць каля 30% ад усіх труб інструмента. У 1980 годзе стараннямі настаяцеля Казіміра Свёнтака арган быў грунтоўна адрамантаваны. Яго наступны капітальны рамонт праведзены ў 2018-2019 гг. намаганнямі настаяцеля Паўла Ўрубеля пры падтрымцы Юрыя Зісера. Рэстаўрацыйныя працы праводзіў мастацкі кіраўнік фестывалю, аўтар энцыклапедыі «Арганы Беларусi» – Аляксандр Бурдзялёў.

Пінскі арган мае 1049 галасоў, 28 дзеючых рэгістраў, два мануалы, педальную клавіятуру, драўляныя і металічныя трубы вышынёй да 4-х метраў, усяго 1498 труб.

2 чэрвеня ў Міжнародным арганным фестывалі прынялі ўдзел і вучні арганнага класа Святланы Аляксандраўны Разько: Андрэй Баркун, Мацвей Ігумнаў, Марыя Камарова, Ганна Козак і Павел Прымакоў.

Завершыцца Міжнародны фестываль арганнай музыкі 21 ліпеня.

Праграму фэсту можна даведацца тут.

Фестываль быў шырока асветлены сродкамі масавай інфармацыі:

TUT.BY беларускі інфармацыйна-сэрвісны интэрнэт-партал –

https://news.tut.by/culture/641634.html

Catholic.by – Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі –

https://catholic.by/3/news/belarus/9997-u-pinsku-prakhodzits-najbujnejshy-va- uskhodnyaj-e-rope-arganny-festyval

Газета «Культура»

http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16216

Тэлерадыёкампанія «Пінск»

Тэлерадыёкампанія «Брэст»

https://www.youtube.com/watch?time_continue=16&v=BLfwngceL0o

Выступленне арганнага класа Святланы Разько https://www.youtube.com/watch?v=uTVw_GWUzmc&t=49s