27 Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна для дзяцей і моладзі ў Шафарне (Польшча)


16 – 19 траўня 2019 г. у Шафарне (Польшча) адбыўся 27 Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна для дзяцей і моладзі. Ён прайшоў у канцэртнай зале Шапэнаўскага Цэнтра пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.

Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна для дзяцей і моладзі ў Шафарне – гэта 27 гадоў музычнай барацьбы і каля тысячы ўдзельнікаў з больш чым сарака краін. Ён стаў адным з самых важных культурных мерапрыемстваў, арганізаваных Шапэнаўскім Цэнтрам у Шафарне з 1992 года. У той час конкурс праходзіў у нацыянальным маштабе, потым набыў міжнародны статус. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца ранняе адкрыццё маладых талентаў і прапагандаванне твораў Фрыдэрыка Шапэна і польскай культуры сярод дзяцей і моладзі ў Польшчы і за мяжой.

У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 55 юных піяністаў з 18 краін, такіх як Украіна, Расія, Беларусь, Італія, Іспанія, Ісландыя, Славакія, Ізраіль, Тайвань, Кітай, Паўночная і Паўднёвая Карэя, Балгарыя, Турцыя, Японія, ЗША, Новая Зеландыя і Польшча.

На працягу трох дзён у Шафарне гучалі творы вялікіх кампазітараў, інтэрпрэтаваныя юнымі ўдзельнікамі, якія спаборнічалі ў трох узроставых катэгорыях: да 10 гадоў, 11 – 13 гадоў, 14 – 16 гадоў.

Штогод конкурс прыцягвае ў Шафарну выбітныя музычныя асобы. У гэтым годзе ў склад журы ўвайшлі вядомыя піяністы і педагогі з Польшчы і замежных краін: прафесар Марыя Муравска (Акадэмія музыкі імя Ф. Новавейскага ў Быдгашчы, Польшча) – прэзідэнт; прафесар Авадагін Пратт (Каледж-кансерваторыя музыкі ва Ўніверсітэце Цынцынаці, ЗША), прафесар Энтані Эдкінс (Каралеўскі каледж музыкі ў Лондане, Велікабрытанія), прафесар Анджэй Татарскі (Акадэмія музыкі імя І.Я. Падэрэўскага ў Познані, Польшча), прафесар Федэрыка Стэлліні (кансерваторыя Папулярнай музыкі і тэатральнага танца ў Жэневе, Швейцарыя), прафесар Джордзі Бенсэні Плаза (кансерваторыя ў Лерыдзе, Іспанія).

У 27-м па ліку конкурсе прыняла ўдзел вучаніца нашай школы – Талі Шафар (настаўнік Алена Юр’еўна Логінава). Талі выступала ў II узроставай групе сярод 20 удзельнікаў. Па выніках конкурснага праслухоўвання яна стала Дыпламантам!

Мы спадзяемся, што вопыт, атрыманы ў гэтым конкурсе, стане важкім крокам да будучай музычнай кар’еры. Віншуем Талі і Алену Юр’еўну з выдатным выступам і зычым шмат мастацкіх поспехаў і невычэрпных крыніц натхнення!