Дабрачынны канцэрт у Палацы Рэспублікі


16 траўня 2019 года ў Палацы Рэспублікі (вялікая зала) адбыўся дабрачынны канцэрт устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Мінска – «Музычныя вясновыя вандроўкі», арганізатарам якога выступіў камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

У праграме мерапрыемства была арганізавана выстава творчых работ навучэнцаў аддзяленняў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, прымеркаваных Году малой радзімы, адбылося выступленне стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, найлепшых вакальных, харэаграфічных, інструментальных дзіцячых і маладзёжных калектываў і індывідуальных выканаўцаў.

Некалькі соцень білетаў на канцэрт былі бясплатна размеркаваны сярод дзяцей з дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў.

Свята праводзіцца з 2017 года і ўжо стала традыцыяй.

Сродкі, атрыманыя ад канцэрта, традыцыйна накіроўваюцца ў адну з устаноў адукацыі Мінска. У гэтым годзе ёю стала спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку.

На канцэрце выступіў Павел Прымакоў, навучэнец 4 класа фартэпіяннага аддзялення (настаўнік С.А. Разько). Павел выканаў на аргане Харальную прэлюдыю «Ich ruf zu dir, Herr Jesu Christ», BWV639 І.С. Баха. Разам з Паўлам пад гукі харальнай прэлюдыі на сцэне прадставіў сваю танцавальную кампазіцыю калектыў «Апельсін». Таксама сінтэз музыкі і танца быў дапоўнены відэашэрагам, які трансляваўся на сцэнічны экран. Карціны, архітэктура, фрэскі, фатаграфіі дадалі яшчэ больш выразнасці гэтаму нумару.

Палац Рэспублікі «Музычныя вясновыя вандроўкі»