Канцэрт творчых калектываў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П. Александроўскай у «Верхнім горадзе»


2 траўня ў канцэртнай зале «Верхні горад» адбыўся канцэрт творчых калектываў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П. Александроўскай. Усе яны з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі шматлікіх музычных конкурсаў і фестываляў. У выступленні прымалі ўдзел як вучні, так і настаўнікі нашай школы. Зладжаная праца ў камандзе, агульныя творчыя намаганні прынеслі ім, а таксама слухачам шмат станоўчых эмоцый і цудоўных уражанняў.

Адкрыў канцэрт шэраг твораў у выкананні лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў ансамбля цымбалістаў «Медуніца» (кіраўнік Вольга Скобеюс, канцэртмайстар Ала Нямцова), што ў думках пераносілі ў розныя краіны і знаёмілі з нацыянальнай, пераважна танцавальнай музыкай.

Упадабаныя многім гукі мелодый з папулярных кінафільмаў «Піраты Карыбскага мора», «Зорныя войны» у незвычайным і прыгожым перакладанні прагучалі ў выкананні Узорнага ансамбля ударных інструментаў «Рым-шот» (кіраўнік Аляксандра Ганькова, канцэртмайстар Эльдар Шырынаў).

Вельмі гарманічнае і тонкае спалучэнне такіх струнна-шчыпковых інструментаў, як домра, мандаліна і гітара з фартэпіяна было прадстаўлена ансамблем «Акцэнт» (кіраўнік Вольга Калядка, канцэртмайстар Таццяна Камай) у «Вальсе» французкага гітарыста і кампазітара Рэнэ Барталі.

Шматсастаўны ансамбль гітарыстаў (кіраўнікі Валерый Громаў, Яраслаў Макарыч) пазнаёміў слухачоў з запальнай музыкай Іспаніі, выканаўшы тэмпераментны «Іспанскі танец» Мацільды Сальвадор.

У незвычайнай і арыгінальнай інтэрпрэтацыі трыа духавых інструментаў (валторна, тэнар і туба) (кіраўнік Глеб Турко) паўстала ўсім знаёмая мелодыя «Галубка» – іспанская народная хабанэра, адзін з найчасцей выконваемых у свеце твораў.

Выразную музыку Ніна Рота, якая ўжо стала класікай ХХ стагоддзя, – сюіту да фільма Ф. Дзэфірэллі «Рамэа і Джульета» (самы знакаміты матыў з якой – тэма кахання), у цікавым перакладанні прадставіў лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў эстрадны інструментальны ансабль «Акорд» (кіраўнік Марыя Матох).

Самі педагогі, акрамя валодання уменнем навучыць сваіх выхаванцаў, паказалі, як выдатна падтрымліваюць уласную канцэртную форму.

Віртуёзна, прыўзнята і эмацыянальна прагучала мелодыя М. Джэксана «Bad» ў выкананні лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Наталлі Шах, Людмілы Сямёнавай і Наталлі Лісіцы.

Вельмі зладжаную і па-майстэрску тэхнічную ігру паказаў квартэт саксафаністаў у складзе педагогаў і былых выпускнікоў нашай школы Наталлі Будзьковай, Марыі Фурс, Нікіты Пятрова і Андрэя Сіманчука. У іх выкананні прагучала джазавая п’еса Хайнэра Віберны «Ула ў Афрыцы».

Нашым выкладчыкам Мікалаю Марэцкаму і Вользе Калядка пашчасціла на працягу некалькіх гадоў удзельнічаць у міжнародным праекце. Гэта балет С. Пракоф’ева «Рамэа і Джульета» у пастаноўцы Ўладзіміра Васільева з удзелам Літоўскага балета і міжнароднага аркестра пад кіраўніцтвам Мсціслава Растраповіча. Яны былі салістамі аркестра і выступалі на сцэне ў касцюмах, стоячы і прытанцоўваючы. Гэты праект з вялікім поспехам прайшоў у краінах Еўропы і ў Егіпце. У канцэрце творчых калектываў нашай школы педагагічны мандалінны ансамбль «Экспрэсія» у складзе Мікалая Марэцкага, Аксаны Кузняцовай, Вольгі Калядка і Дзмітрыя Цітова (канцэртмайстар Таццяна Камай) вельмі паветрана-лёгка і далікатна выканаў «Ранішнюю серэнаду» з гэтага балета.

А завяршыў канцэртны вечар Узорны аркестр народных інструментаў (дырыжор Валерый Шымчак, канцэртмайстар Ала Нямцова) узнёслым «Вальсам» Я. Догі з кінафільма «Мой ласкавы і пяшчотны звер», імклівай «Клаўнадай» Я. Глебава, а таксама лірычнай песняй «Мілавіца» Л. Захлеўнага (салістка Джаміля Амандурдыева) і беларускім народным танцам у апрацоўцы Г. Жыхарава. Вядучая канцэрта – Таццяна Афоніна – параўнала аркестр з «…ідэальным грамадствам, дзе кожны не толькі праяўляе свае магчымасці, але слухае і чуе адзін аднаго дзеля агульнага цэласнага ўражання».

Спадзяемся на далейшае сумеснае плённае творчае супрацоўніцтва ў пары «настаўнік-вучань», што заўсёды дае вялікія і значныя вынікі і будзем імкнуцца радаваць слухачоў сваімі наступнымі выступленнямі.