Віншуем пераможцаў II гарадской адкрытай музычна-тэарэтычнай алімпіяды!


14 красавіка ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І. Глінкі прайшла II гарадская музычна-тэарэтычная алімпіяда.  Колькасць удзельнікаў у гэтым годзе перавысіла ўсе чаканні – больш за 400 чалавек з Мінска і рэгіёнаў Беларусі. Юныя знаўцы спаборнічалі ў розных музычна-тэарэтычных намінацыях: «сальфеджыа», «тэорыя музыкі», «музычная літаратура» ў трох узроставых групах.  Таксама былі прадугледжаны індывідуальныя і групавыя формы работы.

Самыя юныя ўдзельнікі (I і II малодшая ўзроставая група, 1-3 класы) спаборнічалі ў ведах па сальфеджыа, выконваючы заданні на вызначэнне памеру, жанру, напісанне рытму, разгадвалі музычныя рэбусы і г.д.  Іх галоўная задача – працаваць згуртавана ў камандзе з 6-ці чалавек, каб прыняць правільнае рашэнне.

У сярэдняй групе (I сярэдняя ўзроставая група, 2-4 клас пяцігадовага навучання і II сярэдняя група, 4-6 класы сямігадовага навучання) у намінацыі «сальфеджыа» была прапанавана індывідуальная форма працы.  Вучні выконвалі пісьмовы тэст, складалі дыктоўку і вызначалі акорды і інтэрвалы на слых.  У намінацыі «музычная літаратура» праца вялася ў камандзе.

У I і II старэйшай групе (выпускнікі пятага і сёмага класаў) можна было прымаць удзел у трох намінацыях, кожная з якіх прадугледжвала выключна індывідуальную форму працы.

Можна з упэўненасцю сказаць, што алімпіяда ў гэтым годзе прайшла з вялікім размахам. У холе каледжа да канца спаборніцтваў не сціхаў шум удзельнікаў, што чакалі свайго часу, з хваляваннем паўтаралі правілы па сальфеджыа і тэорыі музыкі, ўспаміналі важныя факты з біяграфій кампазітараў. Такая цікавасць да алімпіяды пацвярджае тое, што тэарэтычныя дысцыпліны могуць быць цікавымі і пазнавальнымі, і вядома ж, яны вельмі неабходны любому музыканту-пачаткоўцу!

Вучні нашай школы прынялі актыўны ўдзел у алімпіядзе і атрымалі заслужаныя ўзнагароды:

Дыплом II ступені, II малодшая ўзроставая група – каманда ў складзе Івана Марозава, Аляксандры Ласкутовай, Лізаветы Бяганскай, Дар’і Чыпізубавай, Алесі Філіпскай і Канстанціна Кавальчука (настаўнік Наталля Яўгенаўна Курыліна).

Дыплом III ступені, II малодшая ўзроставая група – каманда ў складзе Дар’і Карбоўскай, Стэфаніі Шавлікавай, Сафіі Чаплінскай, Аляксандры Навумовіч, Майі Кірзнер і Міхаіла Жуковіча (настаўнік Дар’я Ўладзіміраўна Будай).

Граматы за лепшы слыхавы аналіз у намінацыі «сальфеджыа», II старэйшая ўзроставая група – Дабравольскі Браніслаў (настаўнік Марына Міхайлаўна Каляда), II сярэдняя ўзроставая група – Карповіч Піліп (настаўнік Дар’я Ўладзіміраўна Будай).

Мы віншуем усіх удзельнікаў алімпіяды, іх настаўнікаў за выдатную праведзеную працу, зычым ім рухацца наперад, радаваць новымі музычнымі поспехамі! Асобна віншуем нашых пераможцаў! Наперад да новых творчых вяршыняў!