Адбыўся канцэрт фартэпіяннага і струнна-смычковага аддзелаў, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння С. Манюшкі


2019 год адзначаны памятнай датай у мастацкім жыцці Беларусі – 200-годдзем з дня нараджэння Станіслава Манюшкі, славутага музыканта нашай Бацькаўшчыны. Шэраг падзей у краіне прысвечаны гэтаму святу. Не абышла бокам юбілей кампазітара і Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1.

4 красавіка 2019 года ў канцэртнай зале «Верхні горад» адбыўся канцэрт фартэпіяннага і струнна-смычковага аддзелаў, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння С. Манюшкі. Канцэрт пераўтварыўся ў сапраўдны адбітак эпохі рамантызму. Музыка, што прагучала ў канцэрце, была напісана ў XIX стагоддзі – гэта творы як самога С. Манюшкі, так і яго сучаснікаў – кампазітараў-прафесіяналаў і аматараў – Мацея Радзівіла, Міхала-Клеафаса Агінскага, Фларыяна Міладоўскага, Альберта Курчы, Амэліі Залускай (Агінскай), Караля Казімежа Курпіньскага, Фрэдэрыка Шапэна, Ферэнца Ліста, Міхаіла Глінкі, Фрыдрыха Зейца, Эдмунда Северна. Нягледзячы на тэрытарыяльную адлегласць (Беларусь, Польшча, Германія, Італія, Венгрыя, Чэхія, Расія, ЗША) рамантычная стылістыка згадвалася ў той ці іншай ступені ва ўсіх творах. Музыка, з якой складалася канцэртная праграма, належыць да культавага ў тыя часы жанру інструментальнай мініяцюры. Гэта ў асноўным танцы – вальсы, паланэзы, мазуркі. Але прагучалі і творы буйной формы: варыяцыі, ронда, канцэрт. Рознабаковасць творчасці С. Манюшкі паўстала перад слухачамі праз інструментальныя («Багатэль», «Паланэз», «Вальс»), вакальныя (песня «Залатая рыбка») і оперныя жанры (урывак з оперы «Галька»). Сярод выступоўцаў – шмат дуэтаў, фартэпіянных і змешаных (скрыпка з фартэпіяна), лаўрэаты гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Завяршыла праграму узнёслая музыка Паланэзу Войцэха Кіляра з кінафільма «Пан Тадэвуш» рэжысёра Анджэя Вайды ў выкананні струннага ансамбля (кіраўнікі Надзея Цэхановіч, Вікторыя Карпава, канцэртмайстар Ірына Пшанічная). А асаблівую эмацыянальную прыўзнятасць на працягу канцэрта надавала вядучая Таццяна Афоніна, якая яскрава прадстаўляла кожнага выканаўцу, знаёміла слухачоў з творчасцю С. Манюшкі і з асаблівасцямі музыкі рамантычнай эпохі.