Гульня па сальфеджыа сярод вучняў малодшых класаў


8 лютага 2019 года, у рамках падрыхтоўкі да II Мінскай гарадской адкрытай музычна-тэарэтычнай алімпіяды, якая мае адбыцца 14 красавіка 2019 года на базе Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі, тэарэтычны аддзел нашай школы правёў папярэднюю гульню па сальфеджыа сярод 1 – 3-х класаў 7-гадовага навучання ўсіх спецыяльнасцяў.

Усяго прынялі ўдзел у гэтым мерапрыемствы 6 каманд па 6 чалавек у кожнай камандзе. Гульня атрымалася насычанай, напружанай і цікавай, што, несумненна, паўплавыла на матывацыю дзяцей: паспрабаваць свае сілы далей у гарадской алімпіядзе пажадалі не толькі ўсе вучні, што прыйшлі на гульню, але і тыя, што па розных прычынах не змаглі паўдзельнічаць. Амаль дзве гадзіны паспяховага выканання няпростых заданняў – аналітычных, слыхавых, рытмічных, жанравых і г.д. – гэта вынік крапатлівай працы педагогаў-тэарэтыкаў. Самае складанае – падрыхтаваць вучняў, наладзіць на групавую гульню, скампанаваць каманды, падрыхтаваць комплекс заданняў, правесці саму гульню ў некалькі этапаў, а напрыканцы падлічыць балы па складанай і тонкай шкале, з улікам усіх нюансаў – з гэтай задачай паспяхова справіліся нашы настаўнікі, а таксама куратар тэарэтычнага аддзелу нашай школы – Святлана Пятроўна Рудэнка – загадчык цыклавой камісіі «Музыказнаўства», выкладчык вышэйшай катэгорыі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі. Спадзяемся, што вучні нашай школы стануць актыўнымі ўдзельнікамі і пакажуць годныя вынікі на алімпіядзе па сальфеджыа і музычнай літаратуры!