Віншуем Анатоля Лыскаўца – Лаўрэата Міжнароднага тэлевізійнага праекту «Кубак дружбы»!


«Кубак дружбы» з’яўляецца ўнікальным творчым праектам, які праводзіцца ўжо ў другі раз. У мінулым годзе ён адбыўся ў Магілёве і сабраў больш за 1100 удзельнікаў з трох краін. У гэтым годзе ён праходзіў у Мінску з 31 студзеня па 3 лютага і колькасць удзельнікаў была не меншай. Дадзены праект цікавы тым, што ўсім канкурсантам даецца магчымасць адчуць сябе сапраўднай тэлезоркай: чырвоная дывановая дарожка, СМІ і інтэрв’ю, тэлекамеры і здымкі ў рэжыме нон-стоп, сувеніры, дыпломы, падзякі і вельмі каштоўныя прызы!

Ацэньвала юныя таленты кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі аўтарытэтныя ўдзельнікі такіх праектаў як «Голас», «Я спяваю!», «Танцуюць усе!», «Еўрабачанне», «Таленты краіны», «Украіна мае талент», «Маладыя таленты Беларусі» (і многія іншыя).

На канцэртнай пляцоўцы сустрэліся таленавітыя і адораныя ўдзельнікі ад 3-х гадоў па розных напрамках: вакальная, харэаграфічная, тэатральная, інструментальная і дэкаратыўна-прыкладная творчасць.

Вучні нашай музычнай школы і іх настаўнікі сталі лаўрэатамі ў розных намінацыях, папоўніўшы сваю музычную скарбонку новымі ўзнагародамі.

У творчым праекце «Кубак дружбы» прынялі ўдзел выканаўцы-інструменталісты нашай школы. Праслухоўванне конкурсных выступаў у намінацыі інструментальнае выканальніцтва праходзіла ў вялікай, утульнай Габеленавай зале. Канкурсанты паказвалі сваё майстэрства і высокі прафесійны ўзровень выканальніцтва на розных музычных інструментах (фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, цымбалы, баян, акардэон і інш). За дзень журы праслухала больш за 160-ці ўдзельнікаў. Прыняў удзел у гэтай конкурснай намінацыі і вучань чацвёртага класа нашай школы, юны цымбаліст Анатоль Лыскавец. Настаўнікам Анатоля з’яўляецца аўтар інструментальнай, вакальнай і харавой музыкі Віктар Міхайлавіч Лыскавец. Сумесна з канцэртмайстрам, таленавітым піяністам Яўгенам Гальцовым, былі выкананы творы, якія складаюцца з аўтарскіх твораў і апрацовак Віктара Лыскаўца: «Растанне» (гэтая музыка напісана спецыяльна да кінафільма «Не пакідайце любімых ніколі», які цяпер здымаецца на студыі «Беларусьфільм»), а таксама «Руская плясавая» (аўтарская апрацоўка на тэму рускай народнай песні «Калинка-малинка»). Па рашэнні высокакваліфікаванага журы Анатоль стаў Лаўрэатам II ступені! Настаўніку Віктару Лыскаўцу і канцэртмайстру Яўгену Гальцову былі ўручаны спецыяльныя дыпломы-падзякі за асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення, а таксама прыз – спецыяльная эмблема конкурсу і памятныя падарункі.

Віншуем нашых вучняў і іх настаўнікаў з гэтымі выдатнымі вынікамі! Зычым нашым інструменталістам новых дасягненняў і творчых перамог!