Адбыўся святочны канцэрт «Музыка збірае сяброў»


11 снежня 2018 года ў Малой зале Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай адбыўся святочны канцэрт «Музыка збірае сяброў». Як вынікае з назвы, ідэяй канцэрта, аўтарам якой з’яўляецца настаўнік па класе цымбалаў Віктар Міхайлавіч Лыскавец, стала творчая сутрэча навучэнцаў і настаўнікаў, паэтаў і людзей мастацтва, музыкантаў-прафесіяналаў, якія граюць на розных музычных інструментах, і аматараў, якія з захапленнем слухаюць канцэртныя выступы – бо іх усіх аб’ядноўвае любоў да Музыкі.
Праграма канцэрта склалася з твораў кампазітараў розных стыляў і эпох: П.Чайкоўскага, Ф.Шапэна, Р.Лехтынена, Ж.Металідзі, А.Моўчана і іншых. Акрамя таго, у канцэрце былі прадстаўленыя новыя сачыненні Віктара Лыскаўца, якія характарызуюцца дужа разнапланавай стылістыкай – ад старыны да джазу і авангарда. У сваіх творах аўтар адлюстраваў вобразы казачных герояў, стварыў сапраўдны музычны тэатр, выкарыстаў шмат новых прыёмаў ігры на цымбалах і інтанацыі розных народаў свету.

Касцяк канцэрта склалі юныя цымбалісты, навучэнцы Лыскаўца В.М., з імі разам на сцэне стваралі музыку прадстаўнікі іншых аддзелаў школы: навучэнцы Галузы Т.А. (гітара), Гальцова Я.І. (фартэпіяна), Ганьковай А.С. (ударныя інструменты), Гарбацікавай В.Я. (віяланчэль), Ільюшчанкавай Н.А. (кларнет), Лоўчай І.Д. (вакал, хор), Семянковай В.У. (скрыпка), Цітова Д.І. (домра), Шамякінай Т.М. (вакал), Шымчака В.К. (баян, акардэон).

Акрамя таго, у канцэрце выступілі і самі настаўнікі школы, а таксама спецыяльна запрошаныя артысты:
* лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Паліна Мацвеева;
* артыстка камернага хора “Salutaris” Кацярына Сергіевич.

У рамках канцэрта адбылася сустрэча з паэтэсамі Вольгай Шпакевіч і Таццянай Шчытовай, якія ўпрыгожылі праграму сваімі вершамі.

У якасці ганаровых гасцей на канцэрт былі запрошаныя:

  • Вераніка Прадзед – артыстка Белдзяржфілармоніі, кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык па класе цымбалаў БДАМ, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў;
  • Яўген Таўкачоў – рэжысёр і аўтар-вядоўца праграм канала “Культура” Белтэлерадыёкампаніі;
  • Марына Каляда – кампазітар, выкладчык па кампазіцыі і музычна-тэарэтычных дысцыплін ДМШМ №1;
  • Васіль Бірук – мастак, іканапісец;
  • Галіна Пшонік – беларуская пісьменніца, журналіст.

Ажыццявіць гэты праект дапамаглі высокапрафесійныя піяністы-канцэртмайстры Вольга Пермякова і Яўген Гальцоў.
Вядоўцай канцэрта – чароўная Таццяна Афоніна.

Спадзяемся, што праект будзе мець свой працяг, і чакаем на новыя творчыя сустрэчы і дасягненні!