Віншуем лаўрэатаў Аляксея Смірнова (фагот) і Фёдара Мацеральніка (кларнет)!


З 3 па 7 снежня ў Гомелі ў 16-ы раз прайшоў Міжнародны дзіцячы конкурс «Музыка надзеі» на базе Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага.

Першы конкурс “Музыка надзеі” адбыўся ў красавіку 1996 года. Тады мэтай творчага спаборніцтва была падтрымка юных талентаў у раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. З часам масштабы і геаграфія конкурса пашырыліся. За гады правядзення музычнага форуму яго ўдзельнікамі сталі звыш тысячы юных выканаўцаў з Беларусі і краін бліжняга і далёкага замежжа.

Сёння гэта мерапрыемства было накіравана на выяўленне і стымуляванне маладых талентаў, дэманстрацыю лепшага педагагічнага вопыту, а таксама прапаганду музычнага мастацтва. Акрамя конкурсных праслухоўванняў удзельнікаў прайшлі канцэрты і майстар-класы. У конкурсе спаборнічалі больш за 100 прадстаўнікоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Польшчы. Усе яны вучні дзіцячых школ мастацтваў, а таксама гімназій-каледжаў. Журы вызначыла лепшых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод іх – і навучэнцы нашай школы! Дыпломы лаўрэатаў атрымалі

Аляксей Смірноў (настаўнік Уладзімір Рыгоравіч Карканіца, канцэртмайстар Ганна Сяргееўна Лузанава) у намінацыі фагот, малодшая група – Лаўрэат II ступені!

Фёдар Мацеральнік (настаўнік заслужаны артыст РБ Генадзь Іванавіч Забара, канцэртмайстар Ганна Сяргееўна Лузанава) у намінацыі кларнет, малодшая група – Лаўрэат III ступені!

Віншуем нашых таленавітых вучняў і іх натхнёных настаўнікаў з атрыманай перамогай і зычым новых дасягненняў на музычных гарызонтах!!!