Адбыўся канцэрт драўляных духавых інструментаў


Новы навучальны год для ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай, спадзяемся, будзе, як заўсёды насычаны цікавымі канцэртнымі праграмамі.

Так, 13 лістапада 2018 года ў малой зале школы адбылося адкрыццё шэрагу канцэртаў аддзелаў, а менавіта – канцэрт драўляных духавых інструментаў (вядучая – Таццяна Афоніна).

У канцэрце прынялі ўдзел усе без выключэння драўляныя духавыя інструменты (блок-флейта, флейта, кларнет, габой, фагот, саксафон), добрае валоданне якімі паказалі навучэнцы 1 – 6 класаў. Прагучалі вядомыя творы кампазітараў розных эпох і стыляў: ад барока (І.С. Бах, Дж. Бязоцці) праз рамантызм (Р. Шуман і К. Сен-Санс) да ХХ ст. (Д. Кабалеўскі, Р. Лехцінен, А. Спадавеккіа, Ю. Шчуроўскі), ад апрацовак народных песень да кампазіцый з рэпертуара групы “Boney-M” і з кінафільма “Тэрмінал”.

Напрыканцы канцэрта выступілі лаўрэаты гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў – кларнетыст Фёдар Мацеральнік (настаўнік заслужаны артыст РБ Генадзь Забара) і фагатыст Аляксей Смірноў (настаўнік Уладзімір Карканіца). А ў выкананні дуэта вучня і настаўніка – Фёдара Мацеральніка і Генадзя Забары – вельмі пранікнёна прагучала ірландская мелодыя “Londonderry Air”.

З нецярпеннем чакаем новых выступаў нашых таленавітых навучэнцаў!